BE RU EN

Перад выходнымі па ўсёй Беларусі абмежавалі наведванне лясоў

  • 6.09.2024, 21:09

Праз спякоту.

Па ўсёй тэрыторыі краіны ўведзеныя забароны і абмежаванні на наведванне лясных масіваў. Гэта вынікае з мапы, апублікаванай Мінлясгасам.

Абмежаванні дзейнічаюць у 25 раёнах, ва ўсіх астатніх – уведзеныя забароны.

Поўнасцю афарбаваныя ў чырвоны колер Магілёўская і Гомельская вобласці. Берасцейская – за выключэннем аднаго раёна. Пружанскі ўсё яшчэ застаецца «жоўтым».

Як паведамляе Белгідрамет, у найбліжэйшыя дні паветра прагрэецца да 29°С. У сувязі з гэтым у дзвюх абласцях абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі. Размова ідзе пра Магілёўскую і Гомельскую. Пяты клас пажарнай небяспекі там будзе назірацца з 7 да 9 верасня.

Пры ўвядзенні абмежаванняў бесперашкодна хадзіць у лес у грыбы ці ягады можна толькі пешшу. Уязджаць у такую зону на аўтамабілі забаронена. Разводзіць вогнішчы – тым больш.

Калі дзейнічае забарона, то ўваход у лес зачынены для ўсіх. Праўда, як удакладняюць у Мінлясгасе, працаўнікі лясных гаспадарак, выявіўшы парушальніка, у большасці выпадкаў толькі праводзяць з ім прафілактычную гутарку.

Але калі чалавек распальвае вогнішча ці кідае недапалак, тады яму прызначаць штраф. Памер спагнання за парушэнне, ад якога лес не пацярпеў, можа скласці 12 базавых велічыняў.

Калі ў лесе адбыўся пажар, то штраф павялічыцца да 30 базавых.

Апошнія навіны