Беларус: Лукашэнка прэзентаваў новае раскраданне
- 6.09.2024, 15:02
Што стаіць за ідэяй пабудаваць новы музей у Менску.
Дзяржаўныя СМІ паведамілі, што Лукашэнка хоча пабудаваць на месцы менскага "Дрымлэнда" Нацыянальны гістарычны музей, парк народнага адзінства і скульптурную кампазіцыю "Беларусь адзіная". Лукашэнка запатрабаваў, каб у экспазіцыі не было ніякага "нацыяналістычнага або ўра-патрыятычнага перахлесту", каб іншыя народы маглі пагадзіцца з трактоўкай беларускай гісторыі.
Не трэба тлумачыць, што гаворка ідзе пра народ, які знаходзіцца на ўсход ад Беларусі, піша чытач сайта Charter97.org:
- Мяркуючы з усяго, адным з куратараў праекту будзе “галоўны бібліятэкар” Гігін. Страшна падумаць, што пад ягоным кіраўніцтвам будзе напісана пра беларускую гісторыю. Пра Полацак і ВКЛ, пра Рэч Паспалітую, пра паўстанні супраць расейскага царызму і пра БНР.
Улічваючы сумную сітуацыю ў беларускай падсанкцыйнай эканоміцы, прэзентацыя такога праекта выглядае несвоечасовай і неадэкватнай. Незразумела, дзе рэжым возьме грошы на сваё новае гіганцкае распілоўванне. Нават калі яны знойдуцца, то беларусы наўрад ці парадуюцца гіганцкаму помніку лукашызму, створанаму з аглядкай на Пуціна. Беларусы хочуць развязання праблем у сацыяльнай сферы, ахове здароўя, адукацыі. Годных заробкаў, стыпендый і пенсій.
Але Лукашэнка хоча новы музей, дзе ў гісторыі Беларусі будзе толькі адна выбітная асоба, дзе ўсё будзе прасякнутае атрутай ягонай эпохі.