Белы дом пракаментаваў словы Пуціна аб Гарыс
- 6.09.2024, 11:39
І заклікаў расейскага дыктатара замаўчаць.
Пуціну трэба спыніць казаць пра будучыя выбары ў Злучаных Штатах. Пра гэта заявіў у чацвер прадстаўнік Белага дома ў нацбяспецы Джон Кірбі пасля таго, як кіраўнік Крамля сказаў, што Масква хоча перамогі дэмакрата Камалы Гарыс на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША ў лістападзе, паведамляе «Радыё Свабода».
«Ён не павінен надаваць нікому ніякай перавагі», – падкрэсліў Кірбі.
Пуцін у чацвер на пленарным пасяджэнні Усходняга эканамічнага форума сказаў, што Масква пасля таго, як дзейнага кіраўніка дзяржавы Джо Байдэна «знялі» з прэзідэнцкай гонкі, падтрымлівае Камалу Гарыс, але «ў канчатковым выніку выбар за амерыканскім народам».
Выказванне Пуціна пракаментаваў і спаборнік Гарыс рэспубліканец Дональд Трамп.
«Не ведаю, ці трэба мне яму патэлефанаваць і горача падзякаваць. Я не разумею, як гэта расцаніць, не ведаю, ці абразіў ён мяне гэтым ці надаў паслугу», - сказаў Трамп падчас выступу ў Эканамічным клубе Нью-Ёрка.