Олаф Шольц сустрэўся з Уладзімірам Кара-Мурзой
- 3.09.2024, 21:47
Расейскі апазіцыянер расказаў канцлеру ФРГ пра палітвязняў, якіх трэба вызваляць з турмаў Беларусі і РФ.
Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц прыняў у Берліне вызваленага месяц таму са зняволення расейскага апазіцыйнага палітыка і публіцыста Уладзіміра Кара-Мурзу. Пра гэта кіраўнік нямецкага ўраду паведаміў у аўторак, 3 верасня, у сацсетцы X, указаўшы, што захапляецца сілай і мужнасцю Кара-Мурзы і «ягоным нястомным унёскам у справу дэмакратычнай будучыні Расеі».
«У жніўні мы дамагліся ягонага вызвалення ў ходзе абмену зняволенымі, і сёння ў нас была магчымасць пагаварыць адзін з адным даўжэй», – дадаў Шольц.
Сваю размову з канцлерам Нямеччыны Уладзімір Кара-Мурза назваў «важнай, падрабязнай і адкрытай». Паводле ягоных словаў, гаворка ішла «пра Украіну, пра Расею (сённяшнюю і будучую), пра нашу агульную Еўропу», а таксама «пра палітзняволеных, якіх трэба вызваляць з турмаў Расеі і Беларусі».
У сярэдзіне жніўня Уладзіміра Кара-Мурзу і ягоную сям'ю прыняў у Белым доме прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.
За крытыку развязанай Расеяй вайны супраць Украіны ў красавіку 2023 года апазіцыянер быў асуджаны да 25 гадоў калоніі строгага рэжыму паводле артыкулаў аб «дзяржздрадзе», «супрацоўніцтве з непажаданай арганізацыяй» і «фэйках» аб войску. 1 жніўня 2024 г. ён быў вызвалены ў рамках маштабнага абмену зняволенымі паміж Расеяй і краінамі Захаду.