Маск: З нецярпеннем чакаю пачатку працы ў адміністрацыі Трампа
- 3.09.2024, 18:11
Бізнэсовец мае намер скараціць «пустыя марнаванні і непатрэбнае рэгуляванне» ва ўрадзе ЗША.
Амерыканскі прадпрымальнік Ілан Маск заявіў на сваёй старонцы ў сацсетцы X, што не можа дачакацца свайго магчымага прызначэння ў адміністрацыю кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа ў выпадку яго перамогі.
“Я не магу дачакацца. Ва ўрадзе шмат пустых марнаванняў і непатрэбнага рэгулявання, ад якіх трэба пазбавіцца», - напісаў Маск.
Так ён адказаў на допіс іншага прадпрымальніка Марыё Навуфаля, які спаслаўся на навіну Washington Post аб магчымым стварэнні спецкамісіі.
Напярэдадні, 2 верасня, газета са спасылкай на дасведчаныя крыніцы паведаміла, што Трамп у выпадку сваёй перамогі разглядае магчымасць стварэння спецыяльнай камісіі для правядзення аўдыту ўрадавых праграм, у склад кіраўніцтва якой можа ўвайсці ў тым ліку Маск.
Паводле інфармацыі выдання, Трамп і яго дарадцы цягам некалькіх месяцаў казалі аб стварэнні камісіі на чале з вядомымі кіраўнікамі бізнэсу.
Раней у інтэрв'ю, апублікаваным 25 жніўня, Трамп сказаў, што хацеў бы бачыць у сваёй камандзе Маска, хаця і прызнаў, што ў таго наўрад ці будзе час для дзяржаўнай службы праз неабходнасць кіраваць некалькімі буйнымі кампаніямі - Tesla, SpaceX і Neuralink, а таксама сацсеткай X.
«Ён можа, як кажуць, кансультаваць краіну і прапанаваць нам некалькі вельмі добрых ідэй», — сказаў Трамп і выказаў меркаванне, што мільярдэр, які публічна падтрымаў вылучэнца рэспубліканцаў, мог бы стаць дарадцам у пытаннях выкарыстання штучнага інтэлекту.