У сеціве завірусіўся ролік з рэакцыяй касіркі з Берасця на падарунак ад пакупніка
- 2.09.2024, 21:14
Відэа.
У TikTok завірусіўся ролік з рэакцыяй касіркі з Берасця на падарунак ад пакупніка. Высветлілася, што жанчыну ведаюць у Берасці і называюць адной з самых прыемных і мілых касірак у горадзе, піша CityDog.
Відэа, якое называецца «Найлепшая касірка Берасця», знятае ў адной з крамаў сеткі Green. Аўтар відэа піша, што жанчына вядомая шматлікім берасцейцам як адна з самых спагадных працаўніцаў.
Мяркуючы з роліку, жанчына і праўда вельмі ўважлівая і лагодная ў зносінах з пакупнікамі, а ў адказ на спробу падарыць ёй шакаладку бянтэжыцца і адмаўляецца, спасылаючыся на тое, што на працы прымаць падарункі забаронена.
У відэа ўжо 300 тысячаў праглядаў і 10 тысячаў лайкаў, але самае цікавае ў каментарах. Высвятляецца, гэтую жанчыну з імем Таццяна ведаюць у Берасці і кожны раз радуюцца яе дабрыні.
«Таццяна – добры і шчыры чалавек».
«Ой, я яе проста люблю, гатовая кіламетр чаргі адстаяць, каб яна абслужыла».
«З ёй так прыемна. Я вельмі радуюся, калі прыходжу да яе на касу. Добрая, мілая. Вельмі прыемная».
«Яна найлепшай душы чалавек. Кожны раз да кожнага пакупніка ставіцца ўважліва, з клопатам і любоўю. Такіх людзей на планеце амаль няма».
«Самая лепшая касірка ў горадзе Берасці».
«Дзесяць гадоў таму, яшчэ студэнтам, хадзіў толькі да яе на касу».
«Неверагодная. Заўсёды імкнуся да яе стаць, заўсёды пасля яе настрой проста ваў».
І гэта толькі частка каментароў – усяго іх пад відэа ўжо амаль 800.
Прэс-служба сеткі таксама адзначылася ў каментарах: «Нам вельмі прыемна, што ў нашым калектыве ёсць такія спецыялісты».