«Гэта будзе эпічна»: Гардон анансаваў рэзанансныя падзеі на фронце
- 2.09.2024, 16:19
Найбліжэйшым часам Расея пацярпіць новыя зневажальныя паразы.
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны адзначаюць, што дзеянні Сіл абароны Украіны ў Курскай вобласці стварылі аператыўны ціск на расейскія наступы па ўсім фронце. Расея, магчыма, перакінула рэзервовыя часткі з Пакроўскага кірунку ў Курскую вобласць.
Аднак украінскі журналіст і вайскова-палітычны аглядальнік Дзмітрый Гардон не згодны з гэтай ацэнкай.
«Пад Пакроўскам ідуць вельмі жорсткія баі. Пуцін маніякальна настроены на ўзяцце гэтага горада. Ні пра якія перадыслакацыі адтуль на Курскі кірунак мне не вядома», — заявіў Гардон падчас супольнага стрыму з Васілём Галаванавым, запіс якога даступны на YouTube.
Гардон таксама зрабіў інтрыгуючую заяву, выказаўшы здагадку, што неўзабаве Расея пацярпіць новыя зневажальныя паразы ў Курскай вобласці.
«На наступным тыдні мы ўбачым цэлы шэраг рэзанансных падзей па Курскай вобласці. Гэта будзе эпічна. І не толькі па Курскай. Больш нічога казаць не буду», - дадаў журналіст.