BE RU EN

Жыхар Шчучына спрабаваў расплаціцца «цублямі»

  • 17.09.2024, 15:18

А потым памяняць іх на валюту.

У Шчучыне мужчына на просьбу знаёмай спрабаваў абмяняць купюру 500 «цублёў». Высветлілася, што «натхніла» яго на гэта знаёмая, на жанчыну завялі крымінальную справу, паведамілі ва УУС Гарадзенскага аблвыканкама.

36-гадовая жанчына абзавялася сувенірнай банкнотай, якая нагадвае 500 беларускіх рублёў. Як паведамілі ў міліцыі, яна «нядаўна набыла» купюру, дакладна ведала, што банкнота несапраўдная, але надумала яе размяняць на рэальныя грошы.

Заняцца гэтым беларуска папрасіла 46-гадовага знаёмага і спачатку адправіла яго ў аптэку. Але там адмовіліся прымаць такую буйную «банкноту» праз адсутнасць рэшты.

Тады жанчына паслала свайго кампаньёна ў банк. Ужо там касірка заўважыла несапраўдную купюру і адмовіла ў размене, а потым паведаміла ў міліцыю.

«У выніку супрацоўнікі Шчучынскага РАУС затрымалі тых, хто спрабаваў рэалізаваць сувенірную пяцісотку. Выявілася, што мужчына не ведаў, што грашовы знак несапраўдны. У дачыненні да падманулай яго жанчыны распачатая крымінальная справа паводле артыкула «Махлярства», - паведамілі ва УУС.

Апошнія навіны