BE RU EN

Арганізацыя «Лекары без межаў» пакінула Расею

  • 16.09.2024, 21:52

Арганізацыя працавала ў РФ з 1992 года.

Міжнародная некамерцыйная арганізацыя «Лекары без межаў» (MSF) абвясціла пра спыненне сваёй дзейнасці ў Расеі. Адпаведная пастанова была прынятая пасля атрымання апавяшчэння ад Мінюста, у якім гаварылася пра выключэнне расейскага офіса арганізацыі з рэестра прадстаўніцтваў замежных няўрадавых арганізацый.

У MSF падкрэслілі, што застаюцца «непахіснымі ў сваім імкненні прапаноўваць гуманітарную дапамогу тым, хто жыве ў нястачы», аднак трэба, каб улады стварылі неабходныя ўмовы для працы.

«Нам вельмі сумна заканчваць нашы праграмы ў краіне, паколькі многія людзі, якія маюць патрэбу ў медыцынскай і гуманітарнай дапамозе, цяпер застануцца без падтрымкі, якую мы маглі б ім прапанаваць», – заявіў адказны за праграмы ў Расеі аперацыйны мэнэджар MSF Норман Сіталі. Ён адзначыў: «Лекары без межаў» хацелі б прадоўжыць працу ў Расеі, калі гэта будзе магчыма.

«Лекары без межаў» працавалі ў РФ з 1992 года. Арганізацыя, сярод іншага, прапаноўвала дапамогу бяздомным, займалася лекаваннем хворых на туберкулёз, праводзіла прафілактыку ВІЧ і СНІД.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну «Лекары без межаў» разам з мясцовымі няўрадавымі арганізацыямі працавалі ў Белгарадскай і Растоўскай абласцях. У рамках гэтых праграмаў гумдапамогу атрымалі больш за 52 тыс. бежанцаў, больш за 15,4 тыс. чалавек атрымалі бясплатную медыцынскую, псіхіятрычную і псіхасацыяльную падтрымку. Таксама MSF планавала дапамагаць тым, хто з'ехаў з Курскай вобласці пасля пачатку наступу УСУ ў гэтым рэгіёне.

Паводле паведамлення, размешчанага на сайце Мінюста, выключыць з рэестра замежных няўрадавых арганізацый могуць, калі офіс арганізацыі ў Расеі не падаў неабходную справаздачнасць, а таксама калі дзейнасць філіяла або прадстаўніцтва замежнай некамерцыйнай няўрадавай арганізацыі не адпавядае заяўленым у апавяшчэнні мэтам або прадстаўленым у парадку справаздачнасці звесткам. З чым менавіта была звязаная пастанова ўстановы аб выключэнні філіяла MSF, не ўдакладняецца.

Арганізацыя «Лекары без межаў» была заснаваная групай французскіх медыкаў і журналістаў у 1971 годзе для дапамогі людзям у зонах баявых дзеянняў, эпідэмій і прыродных катастрофаў. У цяперашні момант геаграфія MSF ахоплівае больш за 70 дзяржаваў у розных кутках свету.

Апошнія навіны