BE RU EN

Bloomberg: ЗША выставілі Украіне ўмову для ўдараў ATACMS па Расеі

  • 12.09.2024, 8:22

Гэтае пытанне абмяркоўвалася на вышэйшым узроўні падчас візіту Блінкена ў Кіеў.

Улады ЗША хочуць атрымаць ад кіраўніцтва Украіны дэталёвую стратэгію ўдараў па цэлях у глыбіні тэрыторыі РФ перад зняццем абмежаванняў на выкарыстанне дальнабойнай зброі.

Аб гэтым гаворыцца ў матэрыяле Bloomberg.

З інфармацыі агенцтва, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і кіраўнік брытанскага замежнапалітычнага ведамства Дэвід Лемі падчас візіту ў Кіеў 11 верасня нібыта спрабавалі ціснуць на ўкраінскага лідара Уладзіміра Зяленскага ў гэтым пытанні.

Яны хацелі атрымаць ад прэзідэнта Украіны доўгатэрміновы план на наступны год. Крыніцы сцвярджаюць, што партнёры Украіны імкнуцца лепш зразумець, чаго мае намер дасягнуць Кіеў, перш чым прымаць рашэнне аб выдачы дазволу атакаваць мэты на расейскай тэрыторыі заходняй дальнабойнай зброяй.

У артыкуле згадваецца запланаваная на 13 верасня сустрэча прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і кіраўніка брытанскага ўрада Кіра Стармера, якія плануюць абмеркаваць гэтае пытанне. Пры гэтым агенцтва не чакае на гэтым тыдні істотных змен у абмежаваннях.

У той жа час у The Guardian выйшаў матэрыял, у якім сцвярджаецца, што брытанскія ўлады ўжо дазволілі Украіне атакаваць цэлі ў РФ ракетамі Storm Shadow, але пра гэта не будзе публічна абвешчана падчас сустрэчы Байдэна і Стармера.

Апошнія навіны