BE RU EN

У жыхароў «Маяка Менска» амаль суткі з кранаў цячэ брудная вада

  • 11.09.2024, 19:16

Фотафакт.

Жыхары некалькіх дамоў сталічнага жылога комплексу «Маяк Менска» амаль суткі скардзяцца на брудную ваду, якая цячэ з-пад крана. Высветлілася, што ў сетцы «Менскводаканала» спынілася абсталяванне, цяпер праблему ліквідуюць, паведамляюць «Менск-Навіны».

Сітуацыя ўзнікла ўвечары 10 верасня: у дамах на вул. К. Тураўскага і П. Мсціслаўца з кранаў пацякла брудная вада. Паводле словаў жыхароў, «на нейкай помпавай станцыі было пераключэнне, учора “аварыйка” мыла сістэму водазабеспячэння, відаць, не дамыла».

Раніцай 11 верасня прыехала машына з пітной вадой. Сама ж прычына надзвычайнага здарэння стала вядомая ўжо вечарам.

Высветлілася, што на магістральнай сетцы «Менскводаканала» адбылося спыненне абсталявання павышальных помпавых станцый. Цяпер праводзяцца працы для ўхілення праблемы, забяспечаны падвоз вады ў цыстэрне для жыхароў.

Пасля заканчэння працаў дадаткова правядуць прамыванне ўнутрыдамавых сістэмаў. Таксама Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Першамайскага раёна Менска возьме спробы вады для праверкі.

Праблема знаходзіцца на кантролі адміністрацыі раёна.

Апошнія навіны