Над атамнымі станцыямі Нямеччыны знайшлі расейскія дроны
- 22.08.2024, 19:54
Што вядома.
Пракуратура нямецкага горада Фленсбург пачала расследаванне пралёта расейскіх беспілотнікаў над спыненай атамнай станцыяй, паведамляе BILD.
Інцыдэнты адбыліся ў жніўні ў прамысловай зоне ў зямлі Шлезвіг-Гальштэйн, дроны на высокай хуткасці праляцелі над тэрыторыяй, дзе акрамя спыненай АЭС, размяшчаецца тэрмінал ЗПГ і хімічныя заводы. Са звестак інфармаваных крыніц выдання, паліцыя рэгіёну была прыведзеная ў баявую гатоўнасць. Яны паведамілі, што беспалётная зона была парушаная некалькі разоў. Як мяркуецца, гэтую зону перасек вайсковы беспілотнік.
"Пракуратура Фленсбурга пацвярджае распачынанне папярэдняй справы паводле падазрэння ў агентурнай дзейнасці з мэтай сабатажу ў сувязі з неаднаразовымі палётамі беспілотнікаў над найважнейшымі аб'ектамі інфраструктуры ў Шлезвіг-Гальштэйне", – паведаміў выданню старшы пракурор Бернд Вінтэрфельд.
З інфармацыі BILD, палёты беспілотных апаратаў фіксуюцца з 8 жніўня, паводле папярэдніх звестак, дроны маглі запускаць расейскія агенты з суднаў у Паўночным моры. Супрацоўнікі Службы дзяржаўнай бяспекі ФРГ мяркуюць, што неапазнаныя беспілотнікі - "Арлан-10", якія маюць радыус дзеяння ад 500 да 600 кіламетраў і лётаюць з хуткасцю больш за 100 км/г. Сілавікі мяркуюць, што іх маглі выкарыстоўваць у мэтах дыверсіі.
14 жніўня дзве вайсковыя базы былі зачыненыя ў Нямеччыне ў сувязі з магчымымі дыверсіямі на аб'ектах. Як распавялі суразмоўцы Spigel, невядомыя праніклі на авіябазу ў Кёльне, дзе маглі атруціць ваду ў аўтаномным вадаправодзе. На гэтай базе, сярод іншага, размешчаная штаб-кватэра Паветранага флоту ўрада Нямеччыны, які ўваходзіць у структуры Мінабароны ФРГ.
Са звестак Sueddeutsche Zeitung, другая вайсковая база, дзе магла адбыцца дыверсія, знаходзіцца ў горадзе Гайленкірхен. Дыверсія таксама можа быць звязана з атручэннем пітной вады, зазначае выданне.
Нядаўнія падзеі ў Еўропе пацвярджаюць актывізацыю расейскай агентуры. Так, у красавіку ў Вялікабрытаніі двум мужчынам былі выстаўленыя абвінавачанні ў падпале склада з узбраеннем для Украіны. У Швэцыі расследуюць чыгуначныя дыверсіі, учыненыя "замежнай дзяржавай". У Чэхіі расейскія агенты спрабавалі вывесці са строю сігнальныя сістэмы на чыгунцы.
У Нямеччыне ўвесну былі арыштаваныя грамадзянін Расеі і грамадзянін ФРГ за падрыхтоўку падпалу склада з грузамі для Украіны, а ў Эстоніі расейскую выведку выкрылі ў датычнасці да актаў вандалізму ў дачыненні да аўтамабіляў палітыкаў і журналістаў.
У траўні спецслужбы ЕЗ паведамілі аб падрыхтоўцы РФ дыверсій на тэрыторыі Еўропы, уключаючы выбухі і падпалы. У Еўразвязе тады падкрэслілі, што расейскія агенты гатовыя дзейнічаць “больш скаардынавана і агрэсіўна”, чым раней.