Атакаваны Украінай паром у Краснадарскім краі РФ затануў
- 22.08.2024, 18:58
Паром вёз 30 цыстэрнаў з палівам.
Паром, які атакавалі УСУ ў акваторыі порта "Каўказ", затануў, паведаміў оперштаб рэгіёну.
Паром вёз 30 цыстэрнаў з палівам, сказаў раней кіраўнік Цямруцкага раёна Фёдар Бабянкоў.
Аб нападзе ўлады паведамілі а 17:30 па Менску.
Марскі порт «Каўказ» знаходзіцца ў Керчанскай затоцы, прыкладна за 12 км ад Крымскага моста. Пасажырскі тэрмінал забяспечвае паромную пераправу паміж Крымам і Краснадарскім краем і лічыцца адным з найбуйнейшых у Расеі. Праз порт праходзяць кантэйнерныя, сухія, вадкія і сыпкія генеральныя грузы, грузавы тэрмінал здольны перавозіць вялікія аб'ёмы нафты на экспарт.
Атака вялася, як мяркуецца, з Адэскай вобласці. Рух па мосце праз Керчанскую затоку перацяты.
Порт "Каўказ" стаў цэллю УСУ з пачатку расейскага ўварвання ў лютым 2022 года. Апошні раз украінскае войска атакавала яго ў канцы ліпеня. Тады беспілотнікі атакавалі паромнае судна ў марской гавані, адзін чалавек загінуў, яшчэ пяць атрымалі раны.