У расейскіх вайскоўцаў тэрміновай службы ў Курскай вобласці пачалі адбіраць тэлефоны
- 22.08.2024, 17:37
Нават кнопкавыя.
Вайскоўцы пачалі адбіраць мабільныя тэлефоны ў салдат тэрміновай службы, якія знаходзяцца ў Курскай вобласці, распавялі выданню «Люди Байкала» сваякі хлопцаў.
Са слоў маці прызыўніка з Пензенскай вобласці, які праходзіў службу ва Улан-Удэ, але быў перакінуты ў Курскую вобласць пасля ўварвання УСУ, у жаўнераў тэрміновай службы пачалі адбіраць кнопкавыя тэлефоны, якія дазволеныя ў войску.
Нядаўна сын сказаў, што ў іх пачалі адбіраць і кнопкавыя тэлефоны. Тады ніхто нават не даведаецца, калі іх адправяць назад. Іх жадаюць адправіць туды, дзе ідуць баі. Нам, у бацькоўскім чаце, ужо сказалі маральна на гэта настройвацца», - распавяла маці прызыўніка.
Яна дадала, што ў частку, дзе служыць яе сын, прыязджаюць вайскоўцы, якія патрабуюць у жаўнераў тэрміновай службы падпісаць кантракт. «Калі нехта не згаджаецца падпісваць кантракт, то яго запісваюць у „пяцісотыя“ — дэзерціры. Ім сцвярджаюць, што „вы ў нас тут у гасцях“. Маўляў, загадаюць, і паедзеце адсюль на вайну», - удакладніла суразмоўніца выдання.
Пасля ўварвання УСУ ў Курскую вобласць 6 жніўня высветлілася, што мяжу прыкрывалі невялікія падраздзяленні вайскоўцаў, якія складаюцца ў асноўным з жаўнераў тэрміновай службы. У выніку больш за 250 салдат тэрміновай службы патрапілі ва ўкраінскі палон.