Літва адкрыла першы парк контрмабільнасці на мяжы з Беларуссю
- 22.08.2024, 17:00
Ён уключае ў сябе «зубы дракона», «гішпанскія коні» і іншыя элементы блакавання дарог.
На палігоне імя Жукаўскаса ў Пабрадзе, недалёка ад мяжы з Беларуссю, адкрыўся першы парк контрмабільнасці, паведамляе BNS. Гэты парк абсталяваны разнастайнымі сродкамі для блакавання і перашкоды руху, такімі як «зубы дракона», супрацьтанкавыя вожыкі, «гішпанскія коні» і іншымі элементамі.
Паводле інфармацыі выдання, у адным такім парку змяшчаецца дастаткова абсталявання, каб перакрыць ад шасці да васьмі патэнцыйных шляхоў пранікнення супраціўніка, у залежнасці ад шырыні дарогі і яе пакрыцця.
Міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас адзначыў, што выкарыстанне такіх тэхналогій значна ўзмоцніць абаронны і стрымальны патэнцыял краіны, а таксама гарантуе бяспеку межаў з Беларуссю і Расеяй.
Паведамляецца, што да 1 красавіка 2025 года Літва мае намер стварыць 27 такіх паркаў кантрамабільнасці на ключавых адцінках уздоўж мяжы з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расеі.
Акрамя таго, у рамках узмацнення захадаў супрацьдзеяння, плануецца паглыбленне меліярацыйных канаў, стварэнне алей уздоўж дарог, а таксама захаванне існых лясных масіваў на адлегласці да 20 кіламетраў ад мяжы. Цягам трох гадоў на гэтыя захады і адаптацыю інфраструктуры плануецца выдзеліць амаль 17,5 мільёна еўраў.