Кітай і ЗША папярэдзілі аб ударах па Кіеве ў найбліжэйшыя дні
- 22.08.2024, 15:17
Расея рыхтуе подласць на ўкраінскі Дзень незалежнасці.
У найбліжэйшыя дні Украіну чакаюць масаваныя абстрэлы з боку Расеі, паведамляе пасольства ЗША ў Кіеве. Дыпмісія апублікавала папярэджанне на сайце, заклікаўшы грамадзян паклапаціцца аб сваёй бяспецы.
«Цягам наступных некалькіх дзён, у тым ліку на выходных, ва ўсёй Украіне ўзрасце рызыка як начных, так і дзённых нападаў расейскіх беспілотнікаў і ракет у сувязі з Днём незалежнасці Украіны 24 жніўня», - гаворыцца ў паведамленні.
У амерыканскай дыпмісіі заклікалі суграмадзян «сачыць за навінамі мясцовых СМІ, загадзя вызначыць месцы сховішчаў і выкарыстоўваць іх пры абвяшчэнні паветранай трывогі, а таксама прытрымлівацца ўказанняў афіцыйных асоб і прадстаўнікоў экстранных службаў».
У сваю чаргу пасольства Кітая ў Кіеве рэкамендавала суайчыннікам не прыязджаць ва Украіну праз сітуацыю з бяспекай. Суграмадзян, якія ўжо знаходзяцца там, дыпламаты заклікалі неадкладна адпраўляцца ва ўкрыцці пры абвяшчэнні паветранай трывогі, перадае РІА «Новости» са спасылкай на паведамленне амбасады ў WeChat.