BE RU EN

Швэды смяюцца з назваў тавараў у фэйкавай беларускай IKEA

  • 22.08.2024, 14:44

Сярод іх - брудны пінгвін і лось-алень.

З таго часу, як IKEA закрыла свае ўнівермагі ў Расеі, пазіцыі швэдскага мэблевага гіганта на рынку РФ часткова заняла беларуская сетка тавараў для дома Swed House. Яна прадае, напрыклад, пінгвіна «Бруднага», грыб «Акулавае мяса» і іншыя рэчы, назвы якіх швэдам здаюцца смешнымі і дзіўнымі, піша Göteborgs-Posten.

Швэдская сетка IKEA захоўвае арыгінальныя назвы тавараў ва ўсіх краінах свету, дзе яна прадстаўленая, такім чынам папулярызуючы швэдскую мову і культуру. Мабыць, Swed House надумаў скапіяваць гэты стыль.

Так, у асартыменце дзіцячых тавараў і мяккіх цацак ад Swed House можна знайсці, сярод іншага, васьмінога «Цяжкага» (Svår), лася «Аленя» (Rådjur) і малпачку «Свіна» (Svin). Тут таксама можна сустрэць «рэзкага» (Kryddig - рэзкі, востры) кракадзіла, «Тлустага» (Tjock) дыназаўра і труса «Іншаземца» (Utländsk).

«Мабыць, самыя нечаканыя імёны сярод мяккіх цацак універмага - гэта плюшавы грыб «Мяса акулы» (Hajkoett), пінгвін «Брудны» (Smutsig) і кіт «Дрэнны» (Dalig)», - піша швэдскае выданне.

Там адзначаюць: невядома, ці мае кампанія IKEA, якая прадае аналагічную прадукцыю пад іншымі назвамі, якое-небудзь права голасу ў нэймінгавай палітыцы Swed House і ці разглядае яна магчымасць падаць судовы пазоў супраць беларускай сеткі.

Незразумела таксама, ці выбірае Swed House бессэнсоўныя псеўдашвэдскія назовы наўмысна ці проста па памылцы.

Апошнія навіны