У Менску закрылі станцыю метро «Плошчу Перамогі»
- 22.08.2024, 12:10
Магчыма, праз высокага госця з Кітая.
У Менску ў чацвер, 22 жніўня, закрылі станцыю метро "Плошча Перамогі" і прыпынкі аўтобусаў паблізу ад яе. Відаць, гэта звязана з візітам у сталіцу прэм'ера Дзяржаўнай рады КНР Лі Цяна.
«У сувязі з правядзеннем урачыстага мерапрыемства 22 жніўня аб 11.01 цалкам закрытая для пасажыраў станцыя метро «Плошча Перамогі», - паведамілі ў Менскім метрапалітэне.
Цягнікі некаторы час будуць ехаць без прыпынку на гэтай станцыі.
Да гэтага, а 8.30, закрылі выхад на плошчу - таксама «ў сувязі з правядзеннем урачыстага мерапрыемства».
А ў «Мінсктрансе» паведамілі, што з 08.20 з той жа прычыны аўтобусы едуць без прыпынку ля плошчы Перамогі. Гэта тычыцца маршрутаў № 18, 26, 39 у кірунку ДС "Усходняя", аўтобусаў № 100, 111 і тралейбуса № 22 у абодвух кірунках.
Відаць, рэч у тым, што ў Менск прыехаў прэм'ер Дзяржаўнай рады КНР Лі Цян, які ў чацвер сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам. У дні візітаў высокіх замежных дэлегацый, як правіла, праводзіцца ўскладанне вянкоў да манумента на плошчы Перамогі.
Абноўлена. Аб 11.30 аўтобусы пачалі спыняцца ў раёне плошчы. А аб 11.38 станцыя метро «Плошча Перамогі» поўнасцю адкрытая для пасажыраў і працуе ў штатным рэжыме.