У Празе зладзілі акцыю пад пасольствам РФ да гадавіны савецкага ўварвання ў Чэхаславакію
- 21.08.2024, 20:09
Фотафакт.
20 жніўня пад амбасадай Расеі ў Празе арганізавалі акцыю пратэсту да гадавіны здушэння "Пражскай вясны" 1968 года.
Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».
Мітынг каля амбасады Расеі арганізавалі некалькі чэшскіх і ўкраінскіх грамадскіх арганізацый, каб нагадаць пра акупацыю Чэхаславакіі краінамі Варшаўскай дамовы, што пачалася ўночы 21 жніўня 1968 года.
Арганізатары пратэсту правялі паралелі паміж акупацыяй Чэхаславакіі і вайной Расеі супраць Украіны і выказалі салідарнасць з украінскай барацьбой за свабоду і незалежнасць.
«Для нас акупацыя Чэхаславакіі была вельмі траўматычным досведам, які мы адчуваем дагэтуль. Мы сабраліся сёння, каб згадаць тыя трагічныя падзеі і выказаць салідарнасць з Украінай і нашую шчырую падтрымку”, -- распавяла Радыё Свабода каардынатар акцыі Андрыяна Чорна.
З надыходам цемры актывісты запалілі бенгальскія агні як «знак надзеі». Паблізу пасольства РФ у Чэхіі таксама прагучала песня "Ідзі дадому, Іван" - лозунг, які выкарыстоўвалі чэхі падчас супраціўлення ўварванню.
Праекцыя з такім жа надпісам і "Go home, Russians" таксама з'явілася ў аўторак увечары, 20 жніўня, на будынку чэшскага ўрада. Гэтую акцыю падрыхтавала арганізацыя "Падарунак для Пуціна", якая з пачатку поўнамаштабнай вайны рэгулярна ладзіць сходы ў падтрымку Украіны і розныя акцыі.