BE RU EN

Беларуска жорстка раскрытыкавала Лукашэнку праз рэанімабіль за 350 тысяч еўраў

  • 21.08.2024, 18:46

Крык душы.

Чытачка сайта Charter97.org адрэагавала на навіну аб тым, што для Лукашэнкі купілі рэанімабіль за 350 тысяч еўра:

- Я разважыла: “Колькі ж карыснага медычнага абсталявання можна было б купіць на цэлы раён, а можа нават і вобласць?”

Я заўсёды з жахам думаю пра паход у паліклініку. Першае і самае важнае — адсутнасць лекараў. Асабліва цяжка з афтальмолагамі і неўрапатолагамі, няма ў нашым раёне і анколага, увесну не было і гінеколага (абяцалі прыслаць пасля размеркавання!)

Ведама ж, лекара за грошы не купіш, але каб заробкі і варункі працы былі годныя, то і спецыялісты б не ўцякалі за межы краіны.

За 350 тысяч, пэўна, можна было б купіць і абсталяванне і ў кабінет лора і акуліста! Маўчу ўжо пра савецкія крэслы ў кабінеце гінекалогіі.

А калі шчыра, няма ў нас ні электроннай чаргі, ні крэслаў пры кабінетах у дастатковай колькасці. Дый наогул выглядае нашая паліклініка як помнік бальшавіцкай мінуўшчыны, толькі што дзверы на ўваходзе ды вокны памянялі.

Хаджу я з болем у руцэ да тэрапеўта, бо неўрапатолага няма. А як яна мне можа дапамагчы, калі мае адно танометр? Хіба што апошні раз падтрымала мяне словам, кажа: дзякуйце Богу, што ў вас (пасля расейскай прышчэпкі ад кавіду) баліць рука, бо шмат у нас пасля вакцынацыі з’явілася пацыентаў з ускладненнем на вочы. Пасмяялася я з гэтага, а рука мне як не давала спаць начамі, так і не дае.

Вось ён, дыктатарскі клопат пра людзей: сабе новая клініка, рэанімабіль, а людзям — аналіз крыві і мачы.

Апошнія навіны