ГУР паказала відэа знішчэння расейскіх гелікаптэраў у Самары і пад Масквой
- 27.07.2024, 20:13
Бліскучая аперацыя.
Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны знішчыла тры гелікаптэры на тэрыторыі Расеі. Гэта адбылося 21 і 24 ліпеня.
Адзін гелікаптэр быў знішчаны ў Самары, два – пад Масквой. Відэа аперацыяў у ведамстве апублікавалі толькі сёння, 27 ліпеня.
24 ліпеня 2024 года на аэрадроме «Краж» у горадзе Самара (Расея) згарэў вайсковы шматмэтавы гелікоптэр Мі-8. А некалькімі днямі раней, 21 ліпеня 2024 года, у населеным пункце Таміліна пад Масквой былі знішчаныя яшчэ два гелікаптэры дзяржавы-агрэсара – ударны Мі-28 і шматмэтавы Ка-226.
Названыя два барты былі размешчаныя на тэрыторыі расейскага «Нацыянальнага цэнтру верталётабудавання Міль і Камаў». Гэта вайсковае авіяцыйнае прадпрыемства РФ займаецца распрацоўкай, вытворчасцю і рамонтам гелікаптэраў.
У структуры цэнтра дзейнічаюць два канструктарскія бюро, доследная вытворчасць, эксперыментальна-даследчы комплекс і выпрабавальны цэнтр.
Знішчаныя і пашкоджаныя расейскія гелікаптэры агрэсар выкарыстоўваў у вайне супраць Украіны.