Беларусь рыхтуецца прыняць «бомбавы» цыклон
- 27.07.2024, 16:06
Апублікаваны рэкамендацыі МНС.
Аранжавы ўзровень небяспекі праз непагадзь аб'явілі з нядзелі да аўторка. Адпаведнае папярэджанне апублікаваў Белгідрамет.
Удзень у нядзелю па заходняй палове рэспублікі і ў Менску чакаюцца навальніцы і ўзмацненне заходняга ветру парывамі 15-20 м/с.
У панядзелак чакаюцца складаныя ўмовы надворʼя: у многіх раёнах рэспублікі і ў Менску ўзмацненне заходняга, паўночна-заходняга ветру парывамі 15-22 м/с, раніцай і ўдзень месцамі па краіне да 25-27 м/с; удзень у многіх раёнах Беларусі і Менску моцныя дажджы.
У аўторак уначы на большай частцы тэрыторыі рэспублікі і ў Менску захаваецца ўзмацненне паўночна-заходняга ветру парывамі 15-20 м/с.
Раней сіноптыкі папярэджвалі, што да 29 ліпеня ў Беларусь можа прыйсці сурʼёзны цыклон. Як адзначыў аўтар тэлеграм-канала nadvorie, «будзем мець справу з выбуховым цыклагенезам, т.зв. бомбавым развіццём пазатрапічнага цыклону».
Рэкамендацыі МНС пры моцным ветры:
прыбярыце гаспадарчыя рэчы з двара і балконаў у хату (склеп), абрэжце сухія дрэвы, якія могуць нанесці шкоду вашаму жыллю;
машыну пастаўце ў гараж, пры адсутнасці гаража машыну варта паркаваць удалечыні ад дрэў, а таксама слаба ўмацаваных канструкцый;
знаходзячыся на вуліцы, абыходзіце хісткія будынкі і дамы з няўстойлівым дахам;
пазбягайце дрэў і разнастайных збудаванняў падвышанай рызыкі (мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадачы, патэнцыйна небяспечных прамысловых абʼектаў).
Пры навальніцы:
па магчымасці не выходзіць з дому, знаходзячыся ў памяшканні, трымацца далей ад вокнаў;
максімальна адключыць электрапрыборы;
тым, хто знаходзіцца на вуліцы, паспрабаваць абраць хованку, але толькі не пад дрэвамі;
аўтамабілістам рэкамендуецца спыніць рух і зачыніць вокны.