Украінская выведка падбіла тры гелікаптэры на тэрыторыі РФ
- 27.07.2024, 15:38
Адзін з іх знішчаны на тэрыторыі аэрадрома Міністэрства абароны РФ пад Масквой.
Украінская выведка падбіла тры гелікаптэры на тэрыторыі Расеі. Адзін з іх быў знішчаны на тэрыторыі аэрадрома Міністэрства абароны РФ.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на крыніцы ў спецслужбах.
Як адзначаюць крыніцы, блізу 3:00 21 ліпеня на тэрыторыі акцыянернага таварыства «Нацыянальны цэнтр гелікаптэрабудавання Міль і Комаў» (населены пункт Таміліна, Маскоўская вобласць) у выніку дыверсійных мерапрыемстваў ГУР былі падбітыя варожыя гелікаптэры Мі-28 і Ка-226.
Крыніца ва ўкраінскай выведцы паведамляе, што 24 ліпеня таксама ў выніку дыверсіі знішчаны шматмэтавы гелікаптэр Мі-8 на тэрыторыі аэрадрома Міністэрства абароны РФ «Краж» у Самары.
Адзначаецца, што «Нацыянальны цэнтр гелікаптэрабудавання Міль і Комаў» – гэта авіябудаўнічае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на распрацоўцы, вытворчасці і рамонце гелікаптэраў (лінейкі Мі і КА), а таксама іншых гелікаптэрных лётных апаратаў. Прадпрыемства ўключае ў сябе два доследна-канструктарскія бюро АКБ «Міля» і АКБ «Комава», а таксама эксперыментальна-даследчы комплекс і выпрабавальны цэнтр.
«Інфармацыя пра пажар у выніку выбухаў на прадпрыемстве выклікала шырокую агалоску сярод жыхароў Маскоўскай вобласці. Зрэшты, расейскія ўлады, як заўсёды, факты ўласнай халатнасці хаваюць ад насельніцтва РФ», – дадае крыніца.
Раней паведамлялася, што гэтай ноччу дроны ГУР Мінабароны атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у Разані і тры ваенныя аэрадромы. Гаворка ідзе пра аэрадром «Энгельс» у Саратаўскай вобласці, «Дзягілева» ў Разанскай вобласці і аэрадром «Аленья» ў Мурманскай вобласці.