BE RU EN

Беларусы прадаюць скрынкі ад «Луі Вітон» за 150 рублёў

  • 27.07.2024, 20:42

Высвятляецца, на «брэндавыя скрынкі» ёсць попыт.

На анлайн-барахолках беларусы прадаюць пакеты і скрынкі ад люксавых (і не толькі) брэндаў. Няўжо іх нехта набывае? Выглядае, што так, піша «Наша Ніва».

Паглядзелі, якія прапановы ёсць на «Куфары». Адна з першых аб'яваў, якую выдае пляцоўка – брэндавы пакет Chanel. Прадавец з Менска хоча атрымаць за яго 10 рублёў і адзначае, што выкарыстоўваць яго можна як афармленне для падарунку, дадатак да прадукцыі Chanel ці элемент дэкору.

Жанчына з Рэчыцы гандлюе папяровымі пакетамі таннейшых брэндаў – Zara і H&M. Кошт трэба ўдакладняць, але прадавачка гатовая даслаць тавар у любое месца Беларусі поштай.

Яшчэ адна жыхарка беларускай сталіцы выставіла на продаж шмат папяровых пакетаў – ёсць брэнды Nike, Adidas, Tommy Hilfiger, Victoria's Secret, Ralph Lauren, Intimissimi, L'Occitane. А вось Gap ужо нехта набыў. За кожны з пакетаў жанчына просіць 5 рублёў.

Але больш за астатніх прапануе нехта са сталічнай Грушаўкі. Там выбар брэндаў і памераў пакетаў уражвае. Прадавец падышоў да продажу з усёй адказнасцю і нават абазначыў памер кожнага лота ў сантыметрах. Пакет Yves Rocher каштуе ўсяго рубель, скрынка Gold Apple – 3 рублі. А пакет Lacoste – 10 рублёў.

Спраўны мужчына з Наваполацка прадае дзевяць пакетаў даволі бюджэтных брэндаў кшталту Pull and Bear за 20 рублёў. Ён удакладняе: «Ідэальны стан, пакетам роўна тыдзень. Падыдуць для фотасесій і ў цэлым дэкору. Продаж толькі камплектам, без гандлю».

Брэндавыя скрыначкі таксама можна знайсці ў продажы. Напрыклад, калі вам для чагосьці патрэбная скрынка 15-га айфона, то такія прадаюць у Цэнтральным раёне Менска за 10 рублёў за штуку. А вось скрынку ад тэлефона Huawei P9 ды яшчэ разам з сіліконавым завадскім чахлом уласнік гатовы аддаць усяго за 5 рублёў.

Фанатка ўпрыгожванняў Pandora з Магілёва прапануе набыць 7 пустых скрыначак оптам за 10 рублёў. А ў Гомелі нехта прадае пакет з лагатыпам Pandora за 3 рублі.

Прадавец з Гомеля гатовы аддаць скрынкі з-пад брэндавага абутку. Прапануе Gucci, Lacoste, Balenciaga, Adidas: «Абутак захоўваю ў іншых кантэйнерах, скрынкі не патрэбныя. Кошты ад 5 да 10 рублёў за скрынку (у залежнасці ад яе стану). Таксама ёсць пылавікі ад брэндавага абутку і торбаў і этыкеткі».

Але найбольш дарагія прапановы знайшліся ў Цэнтральным раёне Менска. Там жанчына прадае вялікую скрынку Louis Vuitton ажно за 150 рублёў. Да яе ж можна дакупіць пакет за 30. А за брэндавую скрынку Hermes прадавец хоча 50 рублёў.

Ці ёсць попыт на такі тавар? Падобна, што так, бо час ад часу ў аб'явах сустракаюцца ўдакладненні, што той ці іншы лот з фота ўжо нехта набыў.

Апошнія навіны