Палітолаг: Расейская прапаганда ўжо баіцца Харыс больш, чым Клінтан у 2016-м
- 26.07.2024, 21:30
Гэта паказальна.
Чаго чакаць ад дэмакраткі Камалы Харыс, калі яна здолее стаць прэзідэнткай ЗША? Такое пытанне сайт Charter97.org задаў славацкаму палітолагу і прэзідэнту Інстытута грамадскіх праблемаў (IVO) (Браціслава) Рыгору Мясежнікаву:
– Яна яшчэ не стала афіцыйнай кандыдаткай, трэба пачакаць. Вельмі важна яшчэ і тое, хто будзе яе віцэ-прэзідэнтам. Гэта важна з гледзішча падтрымкі, таму што калі той, хто стане віцэ-прэзідэнтам, будзе са спецыфічнымі характарыстыкамі, то гэта можа ёй ці дапамагчы, ці нашкодзіць у розных сегментах.
Растлумачу: цяпер выказваюцца меркаванні, што яе кандыдатам на віцэ-прэзідэнта стане Джош Шапіра. Ягонае габрэйскае паходжанне можа, з аднаго боку, супакоіць выбарнікаў дэмакратычнай партыі, сярод якой шмат габрэяў, але ў некаторых «swing state» (заўсёдных штатах — заўв.) можа паўплываць адмоўна праз рэзка антыізраільскую пазіцыю многіх выбарнікаў арабскага паходжання ці мусульманскага веравызнання.
Калі гаварыць, якой Харыс будзе прэзідэнткай, то ва ўнутранай палітыцы яна будзе падтрымліваць усё, што звязана з рэалізацыяй правоў чалавека, сярод іншага – правоў жанчынаў, мігрантаў і іншае.
Што тычыцца міжнароднай палітыкі, думаю, што яна будзе прадаўжаць палітыку Байдэна ў асноўных контурах: супрацоўніцтва з Еўропай, падтрымка хаўруснікаў у NATO і Украіны. Што да Ізраіля, то ў стратэгічных інтарэсах ЗША мець такога хаўрусніка на Блізкім Усходзе, таму чаканая яго падтрымка і з боку новай адміністрацыі дэмакратаў.
Паглядзім, усё можа адбыцца. Але яна чалавек з прадказальнай лініяй, што адрознівае яе ад непрадказальнага Трампа. Ці верыць ён сам у тое, пра што гаворыць?
– Ці будзе яна праблемай для рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна?
– Думаю, што будзе. Я краем вока звярнуў увагу, што расейскія каналы называюць Харыс ледзь не спараджэннем пекла. Яе баяцца нават больш, чым Хілары Клінтан у 2016-м. Гэта паказальна.
Дэмакратычныя сілы Беларусі могуць спадзявацца на тое, што падтрымка будзе на ўзроўні цяперашняй, а можа, і ўзмоцніцца. Будуць зробленыя канкрэтныя крокі для аслаблення рэжыму Лукашэнкі і падтрымкі беларусаў.