Байцы УСУ вырваліся з акружэння каля сяла Прагрэcа
- 25.07.2024, 17:39
У поўным складзе.
У ноч на 25 ліпеня байцам 31-й асобнай механізаванай брыгады ўдалося вырвацца з акружэння расейскіх акупантаў на поўнач ад вёскі Прагрэса ў Данецкай вобласці, паведамляе DeepState.
Аналітыкі сцвярджаюць, што ў сераду, 24 ліпеня, на поўнач ад Прагрэсу быў вельмі дынамічны і напружаны дзень.
«Блізу 14:00, як і прагназавалася, шэраг наглядальных пунктаў 1-га і 3-га батальёнаў патрапіў у поўную аблогу. Камандзір брыгады так і не аддаў загад на прарыў, таму асабовы склад, які знаходзіўся ў тым раёне, паставіў таго перад фактам, што хлопцы будуць прарывацца з боем», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле інфармацыі аналітыкаў DeepState, дзякуючы зладжаным дзеянням артылерыі, аэравыведкі і сумежных сіл, а таксама пад кіраваннем афіцэраў на месцах украінскія вайскоўцы з 1-га і 3-га батальёнаў змаглі вырвацца з акружэння «ў поўным складзе».
«Гэта была вельмі нервовая і цяжкая аперацыя. Затрымка хаця б на пару гадзін магла прывесці да другога кальца аблогі. Не трэба тлумачыць, колькі інфармацыйных нагодаў атрымала б кацапская прапаганда. Самае галоўнае - байцы жывыя і працягваюць далей стрымліваць ворага», - гаворыцца ў паведамленні.