БАДы дазволілі прадаваць у крамах Беларусі
- 24.07.2024, 19:51
Але толькі ў спецыяльных аддзелах.
Біялагічна актыўныя дадаткі (яны ж БАДы) дазволілі прадаваць у крамах, але толькі ў спецыяльных аддзелах. Таксама здымаецца забарона з продажу дадаткаў онлайн, але прадаўцу трэба выканаць патрабаванні продажу і захоўвання. Новыя правілы рэалізацыі пачалі дзейнічаць пасля ўступлення ў дзеянне пастановы Саўміна ад 10 ліпеня 2024 г. №489.
«Змяненнямі прадугледжана: зняцце забароны на рэалізацыю біялагічна актыўных дадаткаў да ежы, якія ўжываюцца для падтрымання ў фізіялагічных межах функцыянальнай актыўнасці арганізма, выключна праз аптэкі - рэалізацыя ўсіх біялагічных дадаткаў да ежы дазваляецца ў спецыялізаваных крамах, аддзелах (секцыях) продажу біялагічна актыўных дадаткаў, са спецыяльна адведзеным гандлёвым абсталяваннем у аддзелах (секцыях) продажу харчовых тавараў.
Дапускаецца - вядзенне дыстанцыйнага гандлю ўсімі катэгорыямі біялагічна актыўных дадаткаў да ежы пры ўмове наяўнасці ў прадаўца гандлёвага аб'екта і (або) складскіх памяшканняў, у якіх ажыццяўляюцца продаж і (або) захоўванне названай харчовай прадукцыі», - растлумачылі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Падобныя патрабаванні продажу БАДаў дзейнічаюць і ў Расеі. Раней дабаўкі ў Беларусі прадавалі толькі ў аптэках.