У Іванаўскім раёне ратавальнікі дасталі змяю з канапы
- 23.07.2024, 19:05
Фотафакт.
У вёсцы Ляхавічах Іванаўскага раёна жанчына выклікала ратавальнікаў на змяю, якая схавалася ў канапе. Тыя паспяхова справіліся з задачай, паведамілі ў Берасцейскай абласной управе МНС.
Канапа стаяла не ў доме, а на двары. Гаспадыня заўважыла каля яе змяю і наважылася даведацца, ці жывая яна. А калі тая зашыпела і залезла ў канапу, то жанчына выклікала ратавальнікаў.
«Работнікі МНС паспяшаліся на дапамогу занепакоеным гаспадарам і дасталі змяю з канапы», - праінфармавалі ў абласной управе МНС.
Праўда, небяспечнага ў гэтай жывёліне нічога не было, бо гэта быў звычайны вуж. Яго выпусцілі на волю.