BE RU EN

У Беларусі сёлета зарэгістравалі ўжо некалькі выпадкаў батулізму

  • 18.07.2024, 18:36

Гігіеніст назваў прычыны атручэнняў.

У 2024 годзе ў Беларусі зарэгістравалі чатыры выпадкі батулізму, адзін з іх - у летні перыяд. Пра гэта расказаў 18 ліпеня на прэс-канферэнцыі лекар-гігіеніст Юрый Гаранюк.

Часцей за ўсё атручванні выклікаюць кансерваваныя грыбы.

«Пра батулізм звесткі - чатыры выпадкі за год, і ў летні перыяд адзін выпадак. З чатырох выпадкаў гэта атрымліваецца: атручванне кансерваванымі грыбамі, адзін выпадак - агародніннае леча (таксама кансерваванае), вяленая рыба і таксама грыбы кансерваваныя. Гэта значыць, летам гэта кансерваваныя грыбы», — назваў ён прычыны атручэнняў.

Паводле ягоных слоў, кансерваванай прадукцыяй можна атруціцца ў кожную пару года, але летам рызыка падвышаецца праз спякоту.

"Пры падвышэнні тэмпературы прадукты хутчэй псуюцца і выпрацоўваюцца таксіны", – растлумачыў Гаранюк.

Ён дадаў, што ў сярэднім у Беларусі рэгіструюць ад 16 да 24 выпадкаў батулізму за год, звычайна пацыенты трапляюць у лякарню пасля ўжывання хатніх кансэрваў. Лекар нагадаў, што ў выпадках батулізму трэба абавязкова выклікаць хуткую дапамогу, бо толькі ўвядзенне сыроваткі можа вылечыць пацыента.

Дадамо, у чэрвені ў Расеі адбыўся ўспышка батулізму, тады Міністэрства аховы здароўя Беларусі выпусціла папярэджанне. Лекары нагадалі беларусам, што батулізм — цяжкае захворванне, якое выклікаецца таксінам Clostridium botulinum і паражае цэнтральную нервовую сістэму. Калі своечасова не звярнуцца да лекара, можна памерці. Таксама медыкі далі парады, як не заразіцца батулізмам. Галоўнае - выконваць правілы гігіены і тэхналогію пры кансерваванні гародніны і грыбоў.

Апошнія навіны