BE RU EN

Прычынай крушэння «Суперджэта» пад Масквой назвалі замену імпартных датчыкаў

  • 16.07.2024, 20:43

Набыць датчыкі за мяжой расейскім авіяперавознікам не дазваляюць санкцыі.

Няправільная ўстаноўка датчыкаў кута атакі падчас тэхабслугоўвання, паводле папярэдніх звестак, стала асноўным чыннікам крушэння Sukhoi Superjet 100 у Падмаскоўі, паведаміла «Известиям» крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

«Калі дапушчаная памылка пры мантажы, яны [датчыкі кута атакі] перадаюць некарэктныя звесткі ў сістэму кіравання. Вобразна кажучы, электроніка можа меркаваць, што самалёт ідзе на ўздым, а насамрэч ляціць насустрач зямлі. Прыкладна такая карціна вымалёўваецца папярэдне», – расказаў суразмоўца выдання.

Паводле ягоных словаў, адзін з тэхнікаў Лухавіцкага авіязавода на парушэнне правілаў эксплуатацыі ўстанавіў два з чатырох датчыкаў з адхіленнем прыкладна пяць градусаў. Гэта прывяло да нясвоечасовай актывацыі сістэмы абароны, якая засцерагае самалёт ад выхаду на рэжымы звальвання, такім чынам сістэма сама накіравала лайнер у зямлю.

Датчыкі для «Суперджэта» вырабляе міжнародная кампанія Thales, 25% акцый якой належаць ураду Францыі. За апошнія 3,5 гады было заменена 52 датчыкі на 78 самалётах гэтага тыпу. Асноўная прычына замены – адмова ўсталяванай у іх сістэмы абагравання.

Набыць новыя датчыкі за мяжой расейскім авіяперавознікам не дазваляюць санкцыі, і ў выніку іх не стае. Каб паўнавартасна забяспечыць імі лётныя судны, датчыкі ўжо даводзіцца здымаць з тых лайнераў, якія знаходзяцца на тэхабслугоўванні і часова «прастойваюць», расказаў «Сірэне» тэхнічны спецыяліст «Аэрафлота», які захацеў застацца ананімным.

На ягоную думку, менавіта некарэктная ўстаноўка датчыкаў магла стаць прычынай крушэння лайнера. Датчыкі – іх у самалёта чатыры – вымяраюць кут паміж воссю самалёта і плынню паветра. У выпадку калі няспраўныя датчыкі паказваюць, напрыклад, завышаны кут атакі (нос уверх), аўтаматыка самалёта можа накіраваць яго ў пікіраванне – гэта значыць рэзка носам уніз, каб выраўнаваць становішча ў паветры.

Паводле словаў крыніцы «Известий», менавіта так і магла развівацца сітуацыя на борце ўпалага «Суперджэта». Пры гэтым часу распазнаць адмову датчыкаў у пілотаў не было, а бакавая ручка кіравання не магла дапамагчы экіпажу абысці сістэму абароны і выйсці з пікіравання, зазначыў суразмоўца выдання.

У пятніцу 12 ліпеня самалёт Sukhoi Superjet 100 упаў каля вёскі Апраксіна ў Каломенскім раёне Падмаскоўя. Лайнер «Газпрам-Авія» рабіў тэставы палёт пасля планавага рамонту з пляцоўкі Лухавіцкага авіяцыйнага завода ў аэрапорт «Унукава». Самалёт упаў у лес і выбухнуў, усе, хто знаходзіўся на борце, загінулі. Перад падзеннем лайнер падаў сігнал бедства.

Паводле факту крушэння самалёта пачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 263 КК РФ (Парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту, якое вынікавала праз неасцярожнасць смерць дзвюх ці больш асобаў).

Апошнія навіны