Bloomberg: У Крамлі спалохаліся вынікаў саміту NАТО
- 16.07.2024, 10:26
Прызналі "пагрозлівымі" для Расеі.
У Крамлі заявілі, што вынікі саміту NATO ў Вашынгтоне з'яўляюцца "пагрозлівымі" для Расеі і сігналізуюць аб адсутнасці падстаў для пачатку перамоў аб спыненні вайны ва Украіне, піша Bloomberg.
Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што сваёй заявай аб тым, што Украіна будзе ў NATO, "Альянс дэманструе сваю рашучасць заставацца для нас ворагам".
Патэнцыйнае сяброўства Украіны ў NATO было адной з прычын, якой Расея абгрунтавала сваё - уварванне ва Украіну ў лютым 2022 года. Акрамя таго, Белы дом абвясціў у сераду, што з 2026 года ён будзе перыядычна размяшчаць у Нямеччыне зброю вялікай далёкасці, сярод іншага крылатыя ракеты "Тамагаўк", у якасці сродку стрымлівання.
У адказ Пяскоў заявіў, што супрацьстаянне паміж Расеяй і ЗША з'яўляецца глыбокім і няма ніякіх прыкмет "выхаду з гэтай спіралі".
Ён заявіў журналістам, што план разгортвання ракет ЗША з'яўляецца "вельмі правакацыйным", а затым выказаў меркаванне, што нарастае супрацьстаянне кшталту халоднай вайны.