«Усе былі ўпэўненыя, што цягнік перакуліцца»
- 15.07.2024, 12:59
Як гомелец перажыў учорашні апакаліпсіс у дарозе.
Гомелец Павел перажыў учорашні ўраган у цягніку, які рухаўся з Менска ў Гомель. Адправіўся цягнік паводле раскладу — а 14.57, але далей надвор'е ўнесла свае карэктывы і людзі больш за сем гадзін дабіраліся да Гомеля. Пра гэта Павал распавёў «Сильным Новостям».
- Усе былі ўпэўненыя, што цягнік перакуліцца. Мы спачатку рэзнуліся ў дрэва на хуткасці 120 кіламетраў за гадзіну, якое ўжо ляжала на рэйках, пачалі гамаваць, і на наш цягнік упала яшчэ тры-чатыры вельмі вялізныя дрэвы. Потым пачало гайдаць. У вёсцы, што была відаць з акна, пачало зрываць дахі. Абламала наогул усе верхавіны на дрэвах. Гэта доўжылася хвілін 10-15. Потым сціхла. Мы засталіся стаяць, - распавёў мужчына.
Паводле ягоных слоў, машыністы пачалі здымаць правы бок цягніка, які разбіла галінамі. Пазней прыехаў чалавек з бензапілой, які вызваліў цягнік, але з-за пашкоджанняў далей ехаць цягнік не змог. І зноў трэба было чакаць: на гэты раз - цеплавоз са Жлобіна, каб дацягнуць цягнік да Гомеля.
- Праз дзве гадзіны цеплавоз прыехаў. Яго чаплялі гадзіну. Пасля паехалі. Праз кіламетр сталі, бо тармазы ў «Штадлера» былі заціснутыя. Машыніст зняў шланг з цягніка і падчапіў да цеплавоза. Мы паехалі. Праехалі яшчэ два-тры кіламетры і зноў сталі. Разоў пяць мы краналіся і зноў станавіліся. У Гомель прыбылі толькі а 22.20. Ад персаналу не было наогул ніякай інфармацыі, проста нуль, - дзеліцца мужчына.
Паводле ягоных слоў, за гэтыя сем гадзін людзей не выпускалі на двор, святла ў салоне не было, а прыбіральні не працавалі.
- Але пасажыры былі на здзіўленне цярплівымі. Дзве дзяўчыны персаналу былі вельмі ўстойлівымі да стрэсавых сітуацый. Ім асобны дзякуй. Трэба нешта рабіць. БЧ ігнаравала сітуацыю, - адзначае Павел.
Як заявіла прэс-служба Беларускай чыгункі, затрымка цягнікоў учора складала ад адной да трох гадзін. Больш за ўсё пацярпелі наступныя адцінкі: Калінкавічы - Жлобін, Калінкавічы - Жыткавічы, Калінкавічы - Славечна, Жлобін - Гомель.