Расейскія куратары залучаюць да ашуканскіх схем беларусаў
- 15.07.2024, 11:40
Як працуе схема.
У Менску затрыманы 19-гадовы маладзён, які адгукнуўся на прапанову аб падпрацоўцы ў Telegram. Трэба было забіраць грошы, адвозіць іх у розныя гарады Расеі або пераводзіць на банкаўскія рахункі і крыптапартманэты. Цяпер яго абвінавачваюць у дапамозе тэлефонным махлярам, піша belsat.eu.
«Дзесьці два тыдні таму я знайшоў падпрацоўку ў Telegram - трэба проста забраць грошы і адвезці ў Смаленск. Сказалі, што проста прыедзе таксі, забярэш грошы і перавядзеш праз банк», - кажа маладзён на відэа, апублікаваным прэс-службай МУС.
За 8-9 гадзін абяцалі плаціць $250.
“Выконваючы першае заданне, затрыманы атрымаў ад яшчэ аднаго пасярэдніка $3 000 і паклаў іх на банкаўскі рахунак”, - распавядае прэс-служба МУС.
Хлопец расказвае, што прывёз яму грошы непаўналетні.
"Другім разам маладзён забраў у мянчанкі $15 тысяч", - працягвае прэс-служба МУС.
Жанчына паверыла тэлефонным ашуканцам і аддала затрыманаму грошы.
“Патэлефанавалі, сказалі, што дачка патрапіла ў аварыю”, - распавядае пенсіянерка.
Ашуканцы сказалі, што дачцэ вельмі дрэнна - пераламаныя рэбры і чэрапна-мазгавая траўма. Нібыта ёй мусіў дапамагаць следчы, таму патрэбны грошы.
“Сказалі, што на гэта трэба 60 тысяч, я кажу, дык мне кватэру прадаваць? Сказалі, колькі можаце. Я дастала $15 тысяч і аддала”, - кажа пацярпелая.
“На загад куратара [затрыманы] на таксі адвёз грошы ў Маскву, дзе перавёў іх на крыптакашалёк на сваё імя. Пасля вяртання ў Менск фігуранта затрымалі”, - працягвае прэс-служба МУС.
Следчымі распачатая крымінальная справа за махлярства.
МУС нагадвае, што пры паступленні такіх званкоў трэба неадкладна спыніць размову і паведаміць пра тое, што адбылося ў міліцыю. А кур'еры тэлефонных ашуканцаў як і ўсе іншыя ўдзельнікі злачынных схем прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці і абавязаны кампенсаваць прычыненую шкоду.