BE RU EN

Менчука абакралі, пакуль ён купаўся на Цнянцы

  • 13.07.2024, 17:48

Выкрадзеныя грошы мужчына выдаткаваў на асабістыя патрэбы.

Пакуль мянчук купаўся ў Цнянскім вадасховішчы, у яго скралі рэчы, паведамілі ў ГУУС Менгарвыканкама. Выявілася, што падазраваны ў выкраданні патрапіў на відэа, яго затрымалі.

Мянчук у адзін з дзён адпачываў на пляжы Цнянскага вадасховішча і наважыў выкупацца. Торбу з рэчамі, грашыма і дакументамі на суму больш за 600 рублёў ён пакінуў на беразе без нагляду. Калі вярнуўся – усё прапала.

Па падазрэнні ў крадзяжы затрымалі 57-гадовага жыхара сталіцы. «Фігурант, знаходзячыся на пляжы, заўважыў пакінутыя без нагляду рэчы. Мужчына, каб адцягнуць увагу адпачывальнікаў, размясціўся каля чужой маёмасці, пасля чаго паклаў сумку заяўніка ў свой заплечнік і сышоў», – распавялі ў міліцыі.

Выкрадзеныя грошы мужчына патраціў на асабістыя патрэбы. Распачатая крымінальная справа за крадзеж.

У міліцыі параілі не браць на пляж вялікую суму грошай і дарагія рэчы. Але калі ўжо так атрымалася, то не варта іх класці за спінай, пакідаць без нагляду ці прасіць пасцерагчы незнаёмых ці малазнаёмых асоб.

Апошнія навіны