Расея скінула авіябомбы на прыпынак з людзьмі ў Данецкай вобласці
- 13.07.2024, 14:21
Ёсць ахвяры, шмат параненых.
Расея трапіла дзвюма авіябомбамі УМПБ Д-30СН у прыпынак грамадскага транспарту і адмінбудынку ў Мірнаградзе Данецкай вобласці. У выніку чаго чатыры чалавекі загінулі, а яшчэ 9 атрымалі раненні.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальнай паліцыі Украіны.
Паводле звестак праваахоўнікаў, праз учорашнія ўдары на месцы загінулі тры мужчыны, сярод іх – 42-гадовы кіроўца аўтобуса. Жанчына, 1983 года нараджэння, памерла ў лякарні.
Пры гэтым сярод параненых – 16-гадовы хлопец, а таксама яшчэ восем чалавек ад 20 да 62 гадоў.
Акрамя таго, разбураныя восем шматкватэрных і пяць прыватных дамоў, чатыры крамы, два адмінбудынкі і дзве навучальныя ўстановы, цывільны аўтамабіль.
На месцы працавалі тэхнікі-выбухоўнікі, парамедыкі, следча-аператыўная група паліцыі і ўсе профільныя службы. Праваахоўнікі задакументавалі наступствы атакі.