BE RU EN

У Расеі ўпершыню за 40 гадоў не пакажуць Алімпіяду на ТВ

  • 13.07.2024, 13:54

Федэральныя тэлеканалы адмовіліся ад трансляцый паводле палітычных матываў.

На расейскай тэлевізіі ўпершыню за 40 гадоў не пакажуць Алімпійскія гульні. Пра гэта піша sports.ru і іншыя выданні.

Федэральныя тэлеканалы «Першы» і «Расея-1» адмовіліся ад трансляцый Алімпіяды паводле палітычных матываў праз «цяперашнія рэаліі», сцвярджае Sports.ru. Раней пра тое, што тэлеканалы палічылі «няправільным» паказваць Алімпіяду, на якую дапусцілі толькі некалькіх спартоўцаў з Расеі ў нейтральным статусе, пісала «Камсамольская праўда».

Перамовы пра набыццё правоў на трансляцыю спаборніцтваў вялі «Матч ТБ» і холдынг VK. Аднак у красавіку ўладальніка правоў на паказ Алімпіяды ў Расеі – кіраўніка «Тэлеспорту» Пятра Макаранку – арыштавалі паводле абвінавачання ў махлярстве. Акрамя таго, вынікае з публікацый СМІ, пасля таго як стала вядома, што і некаторыя дапушчаныя расейскія спартоўцы на гульні не паедуць, заключаць мільённыя кантракты стала немэтазгодным.

У выніку ні «Матч ТБ», ні VK правы не набылі і афіцыйна паказваць Алімпіяду, якая стартуе ўжо 26 ліпеня, не будуць. Стрымінгавыя сэрвісы Okko і Wink таксама кантракты на трансляцыю гульняў не складалі.

Апошні раз Алімпійскія гульні ў Расеі не паказвалі на тэлевізіі ў 1984 годзе, калі СССР іх байкатаваў.

Апошнія навіны