Літоўскі футбаліст, які гуляў за менскае «Дынама»: Падабалася палітыка Шушкевіча
- 31.05.2024, 21:54
Аўдрус Жута расказаў свае ўспаміны пра Беларусь.
Экс-гулец менскага «Дынама», двухразовы чэмпіён Беларусі літовец Аўдрус Жута ў інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – свет!» расказаў свае ўспаміны пра Беларусь.
– Якія ў вас самыя яскравыя ўспаміны пра Беларусь, дзе вы гулялі некалькі гадоў?
– У 1991 годзе прыехаў у менскае «Дынама», правёў там тры сезоны. Мне запомнілася, што тады былі пробліскі дэмакратыі ў краіне, беларусы былі вельмі добрыя. На [беларускай] мове шмат хто гаварыў, праграмы на тэлевізіі былі. Мне падабалася, якога шляху трымаўся Станіслаў Шушкевіч.
Але з 1994 года ўсё пайшло зусім у іншым кірунку, мякка кажучы, няправільным. Пры гэтым у Беларусі былі выдатныя шанцы перасягнуць у многіх паказніках суседзяў. Усё ж і геаграфічнае становішча выгаднае, і беларусы – працавіты народ. Але дыктатура выбрала зусім іншы шлях, – расказаў Жута.