Польшча прапанавала падрыхтаваць падраздзяленне з украінскіх ваеннаабавязаных, якія жывуць у краіне
- 31.05.2024, 21:29
Замест адпраўкі інструктараў ва Украіну.
Польшча гатовая сфармаваць і навучыць баявое падраздзяленне з украінцаў, якія жывуць на яе тэрыторыі і падпадаюць пад мабілізацыю ва УСУ, заявіў міністр замежных справаў Радаслаў Сікорскі, паведамляе PAP.
Паводле ягоных словаў, улады разгледзелі просьбу Кіева пра адпраўку інструктараў і прыйшлі да высновы, што варыянт Варшавы будзе больш «бяспечным і эфектыўным».
Раней Сікорскі дапускаў, што Польшча можа паслаць свае войскі ва Украіну. «Мы не павінны выключаць ніводны варыянт. Няхай [прэзідэнт РФ Уладзімір] Пуцін варожыць, што мы будзем рабіць», – адзначаў ён.
Сікорскі таксама гаварыў, што Польшча падтрымлівае права Украіны наносіць удары па ваенных аб'ектах унутры Расеі, і заклікаў хаўруснікаў перастаць «увесь час абмяжоўваць сябе» ў пытаннях падтрымкі Кіева. NATO саб’е ўсе ваенныя аб'екты Расеі ва Украіне, калі Пуцін наважыцца на выкарыстанне ядзернай зброі, запэўніваў міністр. У той самы час ён скептычна паставіўся да такога сцэнара, адзначыўшы, што Крэмль атрымаў перасцярогу пра недапушчальнасць падобнай эскалацыі ад ЗША, Кітая і Індыі.