У Францыі затрымалі расейца, які мог рыхтаваць тэракт на стадыёне падчас АІ-2024
- 31.05.2024, 20:28
На гэтым стадыёне згуляе каманда Украіны.
Галоўная ўправа ўнутранай бяспекі МУС Францыі 22 траўня затрымала 18-гадовага грамадзяніна РФ – нараджэнца Чачні, якога падазраюць у падрыхтоўцы тэракту на стадыёне Geoffroy Guichard у Сэнт-Эцьене падчас летняй Алімпіяды 2024. Пра гэта 31 траўня паведамляецца ў рэлізе французскай установы.
Адзначаецца, што падазраваны расеец «актыўна рыхтаваў» напад падчас футбольнага матчу. Ягонай мэтай павінны былі стаць гледачы і паліцыянты на стадыёне.
Грамадзяніна Расеі затрымалі ў яго дома, але перад гэтым ён ужо правёў выведку, праінфармаваў BFMTV са спасылкай на крыніцу.
Паводле звестак тэлеканала, пры ператрусе ў яго на кампутары знайшлі фота і відэа стадыёна ў Сэнт-Эцьене. Пры гэтым расеец адмаўляў правядзенне выведкі і падрыхтоўку нападу.
26 траўня затрыманаму абвясцілі абвінавачанне як кіраўніку злачыннай тэрарыстычнай супольнасці, паведамілі ў Нацыянальнай антытэрарыстычнай пракуратуры. Расейца адправілі пад варту.
Як указаў BFMTV, у Францыю ён прыехаў з бацькамі ў 2023 годзе.
У МУС Францыі адзначылі, што гэта першая атака, папярэджаная перад Алімпіядай 2024 года.
У алімпійскім футбольным турніры ўпершыню возьме ўдзел каманда Украіны. Так, 27 ліпеня ўкраінцы згуляюць супраць каманды Марока на стадыёне ў Сэнт-Эцьене.