BE RU EN

«Цяпер чарга, каб звольніцца - дажыліся»

  • 30.05.2024, 20:36

Экс-прадавачка Mark Formelle расказала пра нагрузку, заробак і квэсты з сыходам з сеткі.

Мянчанка расказала ў TikTok пра свой досвед працы ў адной з менскіх крам Mark Formelle. Паводле ейных слоў, яна прапрацавала блізу сямі месяцаў прадавачкай-кансультанткай, але ёй давялося выконваць і іншыя абавязкі. Заробак супрацоўніцы не перасягаў 1000 рублёў і яна надумала звольніцца, але са звальненнем узніклі цяжкасці.

Беларуска распавяла ў TikTok, што паводле працоўнага кантракту ўладкавалася ў адну са сталічных крам Mark Formelle, яна працавала з верасня да красавіка, г.зн. блізу сямі месяцаў. Яе аформілі прадавачкай-кансультанткай, але напраўду супрацоўніца працавала таксама касіркай, дапамагала кладаўшчыку, прыбірала склад. За дадатковую працу прадавачцы не даплачвалі, але напачатку гэта «не напружвала», бо яна любіць актыўную працу.

Калі дзяўчына атрымала заробак менш за 1000 рублёў, яна думала, што гэта проста няўдалы месяц, «непродажны». Цік-токерка адзначыла, што сума залежала ад дасягнення плана, але з яго выкананнем узнікалі цяжкасці. Зрэшты, і крама была не маленькай. Але потым супрацоўніцу такі заробак задавальняць перастаў, бо яна чакала больш сумы за выкананы аб'ём работ.

- У лютым я сказала, што хачу звольніцца. Загадчыца адказала, маўляў, добра, але трэба чакаць замену, - патлумачыла блогерка. - Я стала першая ў чарзе на звальненне, пасля мяне падышлі яшчэ тры чалавекі.

Дзяўчына напісала заяву і меркавала, што чакаць замены давядзецца прыкладна месяц. За гэты час збіралася падабраць сабе новую працу. Аднак першай звольнілі не цік-токерку, а яе іншагароднюю калегу (у той былі нейкія праблемы з кватэрай).

- Было крыўдна, што мяне нават ніхто не спытаў, хачу і ці магу я яе прапусціць перад сабой. Бо замена шукалася вельмі доўга. Праз месяц прыйшла толькі адна дзяўчына, яна павінна была стаць маёй заменай.

Другой звольнілі жанчыну, якая была апошняй у чарзе, "таму што яна закаціла скандал" для таго, каб яе адпусцілі.

- Замена прыходзіла вельмі доўга, ніхто не хацеў туды ісці працаваць. Смешна тое, што нам увесь час казалі, што незаменных няма і ледзь не чэргі стаяць на нашыя месцы.

Загадчыца крамы абяцала, што дзяўчыну вось-вось звольняць, максімум ёй засталося працаваць адзін тыдзень. Але калі да заканчэння тыдня заставаўся адзін дзень, кіраўніца падышла да супрацоўніцы і паведаміла, што рэгіянальны мэнэджар не падпісаў яе заяву на звальненне.

- Тады мяне вельмі моцна зачапіла, я ўчыніла скандал, сказала, што буду пісаць зварот самому галоўнаму мэнэджэру. Пасля гэтага мяне звольнілі, - успамінае дзяўчына. - Тое, што там дзеецца, гэта настолькі непаважліва, нас за людзей не ўспрымалі. Я хацела б знайсці нейкія плюсы ў гэтай працы, адзінае - у нашай краме быў добры калектыў, амаль з усімі я ладзіла.

У каментарах пад відэа людзі дзяліліся сваім досведам працы ў гандлі, большасць карыстальнікаў былі салідарныя з блогеркай. У каментарах таксама тэгнулі старонку ў TikTok Mark Formelle, чакаючы, што вытворца адкажа на непахвальны водгук, але з тых часоў прайшло 10 дзён, а адказу да гэтага часу няма. А вось некалькі водгукаў, якія людзі пакідалі ў каментарах:

«Я ў «Контэ» год прапрацавала, прасілі і ўмольвалі застацца яшчэ на пару тыдняў з-за нястачы персаналу. І сказалі: «Потым назад не возьмем, можаш не прыходзіць».

«Як табе ўдалося звольніцца? Мне ўжо тры месяцы шукаюць замену. Я сама на кантакце, шукаю сабе замену, у Mark Formelle у Менску, сказалі, што не звольняць, пакуль не знайду чалавека на сваё месца».

«Прывітанне з Гомельскай вобласці! Не звальняюць і гавораць, што працуеце да канца кантракту. Заробак - 600 рублёў на месяц. Горшага месца не прыдумаеш проста, такая вялізная сетка, а людзі шэлегі атрымліваюць».

«Раней была чарга, каб уладкавацца на працу, а зараз чарга, каб звольніцца. Дажыліся. Значыць, нешта ў гэтым жыцці не так».

«У Green тое ж самае, там нават не шукаюць замены. Калі хочаш звольніцца раней за сканчэнне кантракту, то створаць умовы для таго, каб звольніць паводле артыкула альбо заробак уразаюць да канца адпрацоўкі».

«Працую ў Mark Formelle 8 гадоў. І скажу адно: у камерцыйнай структуры трэба працаваць, каб атрымаць годны заробак. Тут самаакупнасць. А вы сказалі пра сябе не ўсю праўду».

«Вось таму, каб такіх казусаў не было, я амаль 4 гады працую выключна паводле дамовы найму, працоўная кніжка пры мне».

«Тое самае ў маленькіх «Еўраоптах» — уладкоўваешся касірам і плюс да гэтага выконваеш працу прыбіральшчыка, грузчыка, прадаўца і ніхто за гэта не даплачвае,

улічваючы, што ставяць 11 гадзін, а фактычна працуеш 14. Заробак - капейкі, ледзь дацягнула год».

«Не звальняюць - проста выконваеш толькі свае абавязкі, не больш. Прыход-сыход хвіліна ў хвіліну, ніякіх прыборак, перапрацовак».

«Звальнялася пасля пераўліку. Па выніку на мяне павесілі суму за нястачу больш, чым на адмінаў, і пры звальненні атрымала заробак 50 рублёў».

«Цяпер у гандлі ўсюды такое, куды не ідзі. Лепш увогуле не ісці, я пайшла з гандлю і не магу нарадавацца ўжо год як».

«У першы ж месяц працы мне паставілі графік 3/1. У першую тройку я ішла да дома 40 хвілін замест звычайных 10, і плакала ад болю ў целе».

«Дык усе ж маўчаць пра рабаўладальніцтве. Заробак 1000 рублёў на сённяшні дзень - гэта пыл, а нагрузка на працы больш за 3000 рублёў».

«Сфера абслугоўвання яна такая. Пакупнікі нас увогуле за людзей не разглядаюць, ну гэта добра, але крыўдна за тое, што і кіраўніцтва ніколі не стане на бок супрацоўніка».

Апошнія навіны