Беларускага палітвязня працягваюць судзіць пасля смерці
- 30.05.2024, 11:55
Неверагодны цынізм.
У Берасці працягваюць судзіць Аляксандра Кулініча за "абразу Лукашэнкі", піша праваабарончы цэнтр "Вясна". Мужчына памёр у следчым ізалятары на пачатку красавіка.
Падпалкоўнік запасу Аляксандр Кулініч быў затрыманы дзясяткам сілавікоў у поўнай экіпіроўцы сёлета 29 лютага ў Берасці. Падставай паслужылі каментары ў Telegram - мужчына напісаў аб акупацыі Расеяй і выказаў падтрымку Украіне.
На яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Аляксандра Лукашэнкі) КК Беларусі. Ён знаходзіўся ў следчым ізалятары ў чаканні суда, які мусіў адбыцца 16 красавіка.
Аднак за тыдзень да гэтага, 9 красавіка, мужчына сканаў. Нягледзячы на ягоную смерць, у электронным раскладзе пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда з'явілася інфармацыя аб тым, што справа Аляксандра 30 траўня разглядаецца ў Маскоўскім раённым судзе Берасця, суддзёй пазначаная Марына Скалковіч.