BE RU EN

Беларусь завінавацілася транспартнікам Лондана больш за 730 тысяч фунтаў

  • 29.05.2024, 9:04

Лукашысты не плацяць транспартны збор.

Брытанская дзяржаўная кампанія Transport for London (TFL), якая кантралюецца мэрыяй Лондана, апублікавала спіс завінавачаных пасольстваў, якія не плацілі за ўезд у зону платнага праезду цягам апошніх 20 гадоў. У спісе ёсць і Беларусь - наша краіна завінавацілася 734185 фунтаў (амаль 936 тысяч даляраў).

Гаворка ідзе аб плаце ў суме 15 фунтаў, якая спаганяецца з аўтамабіляў, што заязджаюць у цэнтральную частку Лондана. Гэты збор уведзены ў 2003 годзе з мэтай зменшыць коркі, скараціць выкіды шкодных рэчываў і палепшыць якасць паветра ў цэнтры брытанскай сталіцы.

Першапачаткова плата за ўезд у цэнтр Лондана складала 5 фунтаў на дзень, але затым яна некалькі разоў павялічвалася: да 8 фунтаў у ліпені 2005 года, да 10 фунтаў у студзені 2011 года, да 11,5 фунта ў чэрвені 2014 года і да 15 фунтаў у чэрвені 2020 года.

У пачатку спісу размясціліся ЗША з запазычанасцю 14600000 фунтаў. За імі ідуць Японія - 10 млн фунтаў, Індыя - 8,5 млн фунтаў, Нігерыя - 8,4 млн фунтаў, Кітай - 7,9 млн фунтаў, Расея - 6 млн фунтаў, Польшча - 5,2 млн фунтаў, Гана - 5 млн фунтаў.

Запазычанасць амбасады Беларусі ў Вялікай Брытаніі пазначаная ў суме 734 185 фунтаў (амаль 936 тысяч даляраў). Будынак нашай дыпмісіі размешчаны на поўдзень ад Кенсінгтанскіх садоў. Гэта элітны раён у цэнтральнай частцы Лондана.

Невядома, ці будзе наша краіна выплачваць запазычанасць, улічваючы напружаныя стасункі паміж Менскам і Лонданам. Нагадаем, што ў Вялікай Брытаніі ўжо амаль два гады няма амбасадара Беларусі (апошнім быў Максім Ермаловіч, які 1 жніўня 2022 года стаў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі), а наша краіна ў Злучаным Каралеўстве прадстаўленая зараз на ўзроўні часовага паверанага.

У Transport for London на гэта заявілі, што збор за ўезд у зону платнага праезду - гэта плата за паслугу, а не падатак, гэта азначае, што дыпламаты не вызваляюцца ад яго выплаты. У кампаніі таксама адзначылі, што большасць амбасадаў у Лондане плацяць зборы, але застаецца меншасць, якая адмаўляецца гэта рабіць.

«Мы працягнем дамагацца ўсіх неаплачаных збораў за ўезд у зону платнага праезду і звязаных з імі апавяшчэнняў аб штрафах, а таксама намагаем на тым, каб гэтае пытанне было разгледжанае ў Міжнародным судзе ААН», – дадалі ў TFL.

Агулам дыпламаты ўсіх пасольстваў у Брытаніі завінаваціліся 145,5 млн фунтаў за ўезд у зону платнага праезду Лондана з 2003 да 2023 года.

Апошнія навіны