Гэта таксама ровар: З’явілася відэа дзіўнага праходу беларускай мяжы
- 28.05.2024, 20:27
Сродак перамяшчэння відавочна не падыходзіў мужчыну памерам.
У пункце пропуску «Беняконі» на беларуска-літоўскай мяжы заўважылі пацешную сітуацыю. Відэа з NewGrodno.by падзяліліся чытачы партала.
Мужчына спрабаваў перасячы мяжу: да памежнікаў ён падышоў пешшу, а побач каціў ровар. Дзіцячы. На які ён наўрад ці змясціўся б.
Варыянтаў, што гэта было, няшмат. Ці хацеў даставіць ровар дзіцяці, ці – спрасціць сабе пераход мяжы.
Такім лайфхакам карыстаюцца многія, бо раварыстам не трэба стаяць у чарзе з машынамі, таму прайсці мяжу атрымліваецца нашмат хутчэй.
Але вось пытанне: ці раварыст той, хто не можа нават сесці на свой двухколавы транспарт?
Ды і лайфхак не заўсёды працуе. Напрыклад, у лістападзе 2023 года на памежных пераходах «Прывалка» / «Райгардас» і «Беняконі» / «Шальчынінкай» з літоўскага боку змяніліся правілы перасячэння мяжы на роварах. Тады раварыстаў вярнулі ў чаргу з аўто.