BE RU EN

Памерла маці палітвязня Вітольда Ашурка

  • 27.05.2024, 20:27

Алена Ашурак перажыла сына Вітольда на тры гады.

У Бярозаўцы ў 86-гадовым узросце памерла Алена Міронаўна Ашурак – маці палітвязня Вітольда Ашурка.

Як паведамляе «Радыё Свабода», Алена Ашурак пайшла з жыцця 27 траўня. Яна перажыла сына Вітольда на тры гады.

Стан здароўя Алены Міронаўны ў апошнія гады пагоршыўся: ёй было цяжка хадзіць, у тым ліку наведваць магілу сына.

Актывіст Партыі БНФ Вітольд Ашурак (1970–2021) стаў лідарам пратэстаў у Бярозаўцы падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. У студзені 2021 года яго асудзілі закрытым судом на 5 гадоў калоніі. Вітольда абвінавачвалі ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК) і ў тым, што ён нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (арт. 364 КК). Праваабаронцы прызналі Ашурка палітвязнем.

21 траўня таго ж года сваякам паведамілі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спынення сэрца» ў шклоўскай калоніі. Ягонае цела сваякам падалі з цалкам забінтаванай галавой. У дакументах прычыну смерці не назвалі.

Сваякі мяркуюць, што Вітольда забілі ў калоніі.

Дзень смерці Вітольда Ашурка стаў днём салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, які адзначаецца штогод.

Апошнія навіны