У Гародні мужчына на электрасамакаце заехаў у групу пешаходаў
- 27.05.2024, 17:03
Ёсць пацярпелыя.
У мікрараёне Грандзічах у Гародні 26 траўня адбыўся сур'ёзны інцыдэнт з удзелам дзіцяці і мужчыны на электрасамакаце. Ёсць пацярпелыя, піша Newgrodno.by.
Са слоў відавочцы, мужчына на электрасамакаце рухаўся па ходніках на «дастаткова высокай хуткасці». Самакат цяжкі, з двума сядзеннямі, таму за кіроўцам на транспарце сядзела жанчына.
Самакатчык не стаў змяншаць хуткасць, калі апынуўся ў непасрэднай блізкасці ад групы пешаходаў, і на поўным ходзе сутыкнуўся спачатку з мужчынам на тратуары, а затым збіў і дзяўчынку гадоў сямі. Гэта былі бацька і дачка.
Момант наезду знялі камеры вонкавага назірання.
- Наколькі я ведаю, у дзяўчынкі папярэдне ўстаноўлены пералом ключыцы, а ў жанчыны, якая ехала пасажырам на самакаце, папярэдне зламаная нага, - растлумачыў відавочца.
На месца здарэння прыбылі медыкі і супрацоўнікі ДАІ. Ідзе разбіральніцтва.