Папулярны польскі банк стаў блакаваць беларусам доступ да онлайн-акаўнтаў
- 27.05.2024, 16:46
Што здарылася?
Польскі банк Santander выпусціў «унутраны дакумент», паводле якога грамадзянам Беларусі без папярэдняга апавяшчэння блакуюць доступ да мабільнага дадатку банка і онлайн-банкінгу, паведаміў тэлеграм-канал «Беларусы ў Польшчы».
Са слоў беларусаў, якія сутыкнуліся з такім блакаваннем, доступ да акаўнта можна разблакаваць, калі прынесці ў аддзяленне банка дазвол на жыхарства ў Польшчы або ў краінах ЕЗ, сапраўдны цягам найбліжэйшых 12 месяцаў.
Паводле наяўнай інфармацыі, блакаванне звязанае з новымі правіламі, якія польскія ўлады прынялі на днях для грамадзян Беларусі і Расеі.
Цяпер грошы на рахунак усё яшчэ можна атрымліваць, але здымаць іх можна толькі ў аддзяленні банка. Папулярная ў Польшчы сістэма мабільных аплат BLIK у некаторых карыстальнікаў таксама недаступная. Перавод злотых у іншы банк магчымы з камісіяй 10 злотых (амаль 2,5 еўра), у замежнай валюце камісія большая.
Для разблакавання рахунку неабходна паказаць пластыкавае пасведчанне аб наяўнасці ДНЖ. Штампа ў пашпарце аб тым, што дакументы знаходзяцца на разглядзе, ці нават паперы, што прынятая адпаведная пастанова, будзе недастаткова.
Акрамя таго, са слоў кансультантаў Santander, гэтыя новаўвядзенні закрануць усе банкі, у якіх дагэтуль рахункі беларусам адкрывалі проста па пашпарце.