BE RU EN

Маёмасць рэжыму Лукашэнкі пачнуць арыштоўваць па ўсім свеце?

  • 25.05.2024, 15:36

Рыхтуецца цэлы шэраг пазоваў ад ашуканых бізнэсмэнаў.

Расейскі бізнэс актыўна лабіруе ціск на Лукашэнку праз нявыплачаныя завінавачанасці ў беларускіх аблігацыях, паведамляе блізкі да расейскіх сілавікоў Telegram-канал «ВЧК-ОГПУ».

Чыноўнікі ва ўрадзе кажуць, што Беларусь клятвенна абяцала выплаціць усім расейскім трымальнікам бондаў пазыкі, якія вісяць з лютага 2023 года, але чарговы раз засаромелася і нічога не вярнула.

Да 1 красавіка павінна была выйсці ў свет пастанова беларускага ўраду пра выплаты, і яна нібыта нават выйшла, толькі ніякіх выплатаў яна зноў не прадугледжвае.

Мінфін РФ, як піша Telegram-канал, поўны катэгарычнасці ніякіх крэдытаў Менску не даваць, а бізнэс рыхтуе серыю спусташальных судовых пазоваў, якія пагражаюць Беларусі арыштам актываў па ўсім свеце і зніжэннем крэдытнага рэйтынгу да ўзроўню плінтусу.

«Пытанне з завінавачанасцямі ў бондах можа сур'ёзна сапсаваць стасункі дзвюх дзяржаваў і стварыць для Беларусі сур'ёзныя фінансавыя і рэпутацыйныя цяжкасці з Масквой», – паведамляюць крыніцы канала.

Нагадаем, група расейскіх інвестараў 18 студзеня накіравала на адрас кіраўніка Мінфіна Беларусі Юрыя Селіверстава апавяшчэнне пра дэфолт у пяці выпусках еўрааблігацый. Усяго сукупны памер гэтых выпускаў складае блізу $3,25 млрд. Калі рэжым Лукашэнкі не пагасіць свае абавязальніцтвы, як гэтага патрабуе апавяшчэнне, інвестары атрымаюць права падаць пазоў у Лонданскі міжнародны трацейскі суд або арбітражны суд у РФ.

Апошнія навіны