BE RU EN

Расейскія вайскоўцы выпусцілі на Белгародскую вобласць яшчэ чатыры бомбы ФАБ

  • 24.05.2024, 12:25

За два дні.

Расейская баявая авіяцыя скінула на Белгародскую вобласць яшчэ чатыры фугасныя авіяцыйныя бомбы (ФАБ) за два дні, распавялі тэлеграм-каналу Astra крыніцы ў экстраных службах рэгіёну.

Паводле іх звестак, 22 траўня каля жылога дома на вуліцы Лясной у вёсцы Ясныя Зоры Белгародскага раёна знайшлі ФАБ-250. Жыхароў вуліцы эвакуавалі.

На наступны дзень, 23 траўня, ФАБ-250 упала на тэрыторыю паляўнічай гаспадаркі ў пасёлку Паляна ў Шабекінскай гарадской акрузе. У гэты ж дзень яшчэ дзве ФАБ-500 былі знойдзены ля вёскі Прысцень у гэтай жа акрузе. У аніводным выпадку пацярпелых не было.

Да гэтага расейскія бомбы падалі на прыгарад Белгарада ў дзень падзення шматпавярховіка - 12 траўня. Дзве ФАБ-500 упалі на пасёлак Разумнае-54 з розніцай восем гадзін. Месца падзення бомбаў было размешчанае менш чым за 8 км ад дома па вуліцы Шчорса, 55А, у якім у той жа дзень у выніку трапляння боепрыпасу абрынуўся пад'езд. Абедзве ФАБ закапаліся ў зямлю і не разарваліся.

4 траўня расейскі самалёт упусціў на Белгарад ФАБ-500, у выніку чаго 7 чалавек былі паранены, 31 домаўладанне і 10 аўтамабіляў атрымалі пашкоджанні. Улады прычыну падзення бомбы стаілі і не прызналі, што яна была расейскай.

З падлікаў The Insider, у 2024 годзе на тэрыторыі Белгарадскай вобласці 39 разоў фіксаваліся няштатныя падзенні расейскіх авіябоепрыпасаў: 38 розных мадыфікацый ФАБ і адной ракеты Х-59. Як мінімум двойчы ФАБ падалі ў Белгарадзе.

Усяго, паводле падлікаў Astra, за апошнія тры месяцы Расея выпусціла на свае рэгіёны і акупаваныя тэрыторыі Украіны 59 ФАБ.

Апошнія навіны