ЕЗ асудзіў ператрусы ў дамах тых, хто з'ехаў з Беларусі
- 20.05.2024, 19:39
Барэль запатрабаваў неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў.
Еўрапейскі Звяз патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі і заяўляе, што працягне падтрымліваць усіх, хто выступае за незалежную і дэмакратычную Беларусь. Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля, апублікаванай з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі, які адзначаецца 21 траўня.
Барэль нагадаў, што пасля смерці Вітольда Ашурка ў месцах зняволення памерлі яшчэ не менш за пяць палітвязняў.
«Іх незаконна ўтрымліваюць у зняволенні, катуюць і жорстка абыходзяцца, уключаючы пазбаўленне неабходнай медыцынскай дапамогі», — гаворыцца ў заяве.
Барэль адзначыў, што рэжым Лукашэнкі ўсё часцей пераследуе беларусаў, якія пакінулі краіну.
«Рэжым усё часцей пераследуе і тых, хто з'ехаў з краіны. Еўрапейскі Звяз асуджае апошнюю хвалю рэйдаў і канфіскацыі маёмасці палітычных актывістаў, якія працягваюць сваю дзейнасць у абарону свабоды ў выгнанні», - гаворыцца ў заяве.
ЕЗ патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, заклікае беларускія ўлады выконваць міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека, і заяўляе, што працягне падтрымліваць усіх, хто смела выступае за незалежную і дэмакратычную Беларусь.