У Берасці ўкраінца прысудзілі да шасці гадоў калоніі за «агентурную дзейнасць»
- 20.05.2024, 18:27
Мужчына працаваў дыджэем.
Берасцейскі абласны суд прысудзіў 25-гадовага дыджэя-ўкраінца Арцёма Макавея да шасці гадоў пазбаўлення волі. Хлопца судзілі паводле артыкула 358-1 КК (Агентурная дзейнасць), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
У чым менавіта вінавацілі ўкраінца - невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Нагадаем, пра затрыманне ўраджэнца Мікалаеўскай вобласці Украіны ў сакавіку 2023 года пісаў блог «Галасы». Маці затрыманага расказала, што хлопец з 2009 года жыў у Кобрынскім раёне. У Берасці ён скончыў мясцовы політэхнічны каледж, потым вярнуўся ў Кобрын, дзе працаваў дыджэем ва ўстановах горада.
У студзені 2023 года Арцёма выклікалі ў міграцыйную службу і «прапанавалі прайсці там паліграф». У канцы таго ж месяца да яго дадому стукалі людзі ў цывільным, а 27 студзеня ён «знік, перастаў адказваць на паведамленні».
- Я некалькі разоў ездзіла ў Берасце, хадзіла ў КДБ, каб даведацца, за што забралі майго сына, у чым ён вінаваты. Мне проста нічога не адказваюць, ухіляюцца ад адказу. Нават сказалі: «Адкуль вы ўзялі, што мы забралі?» Адзінае, што паведамілі: «Ён уяўляе пагрозу Рэспубліцы Беларусь». Больш ніякіх тлумачэнняў, - сказала жанчына.